Ян 18, 1 — 19, 42 #евангелленадзень
У той час выйшаў Езус з вучнямі сваімі за зімні ручэй Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. Таму Юда ўзяў кагорту і прыслужнікаў ад першасвятароў, і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: Каго шукаеце? Яму сказалі: Езуса з Назарэту. Кажа ім: Гэта Я. Стаяў з імі і Юда, які выдаў Яго. І калі сказаў ім: Гэта Я, — яны адступілі і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Каго шукаеце? Яны сказалі: Езуса з Назарэту. Езус адказаў: Я сказаў вам, што гэта Я. Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці. Сталася так, каб збылося слова, якое сказаў: З тых, каго Ты Мне даў, Я не згубіў нікога. Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара, і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. Але Езус сказаў Пятру: Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць келіха, які даў Мне Айцец?
Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.
За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, і ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку перад брамаю. І вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Служанка-брамніца кажа Пятру: Ці і ты з вучняў гэтага чалавека? Ён сказаў: Не. Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было холадна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.
Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. Езус адказаў яму: Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў. Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: Так адказваеш першасвятару? Езус адказаў яму: Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне? Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.
А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: Ці і ты з вучняў Ягоных? Ён адрокся і сказаў: Не. Пэўны слуга першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе? Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.
Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: У чым абвінавачваеце гэтага чалавека? Яны сказалі яму ў адказ: Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе. Пілат жа сказаў ім: Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закона. Юдэі сказалі яму: Нам нікога не дазваляецца забіваць. Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.
Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму: Ці Ты Кароль Юдэйскі? Езус адказаў: Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Пілат адказаў: Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў? Езус адказаў: Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль. Пілат сказаў Яму: Дык Ты кароль? Езус адказаў: Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас. Пілат сказаў Яму: Што такое праўда?
І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і гаворыць ім: Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, то я адпушчу вам Караля Юдэйскага? Тады яны зноў закрычалі: Не Яго, але Бараббу! А Барабба быў злачынцам.
Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церня, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: Вітай, Кароль Юдэйскі! І білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і кажа ім: Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны. І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: Вось чалавек. Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: Укрыжуй, укрыжуй! Кажа ім Пілат: Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. Юдэі адказалі яму: Мы маем Закон, і паводле Закона Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Божым Сынам.
Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. І зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: Адкуль Ты? Але Езус не адказаў яму. Тады Пілат гаворыць Яму: Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе? Езус адказаў: Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе. Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара. Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месца, якое называлі Літастрот, па-гэбрэйску Габбата. Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў юдэям: Вось Кароль ваш! А яны закрычалі: Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго. Пілат кажа ім: Я павінен укрыжаваць вашага Караля? Першасвятары адказалі: Не маем караля, апроч цэзара. Тады выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне.
І ўзялі Езуса. І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам чэрапа, па-гэбрайску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-гэбрэйску, па-лацінску і па-грэцкі. Першасвятары юдэяў казалі Пілату: Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сказаў: Я Кароль Юдэйскі. Пілат адказаў: Што напісаў, тое напісаў.
Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была без швоў, уся ад верху да нізу тканая. Таму сказалі адзін аднаму: Не будзем разрываць яе, але кінем жэрабя, чыя будзе. Каб збылося сказанае ў Пісанні: Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзенні маім кінулі жэрабя. Жаўнеры так і зрабілі.
Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Жанчына, вось сын твой. Потым сказаў вучню: Вось, Маці твая. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.
Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: Прагну. Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на трысціну губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: Збылося! І схіліўшы галаву, сканаў.
Паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, юдэі папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.
Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але ўкрываўся з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Ягонае. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў цела Езуса. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. І ўзялі яны цела Езуса, і захінулі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.